ПАГРУ́ЗАЧНА-РАЗГРУ́ЗАЧНЫЯ МАШЫ́НЫ,

машыны цыклічнага або неперарыўнага дзеяння, прызначаныя для выканання аперацый на пагрузачна-разгрузачных, перагрузачных, складскіх, укладачных работах з насыпнымі, кавалкавымі і штучнымі грузамі. Бываюць стацыянарныя, перасоўныя, самаходныя, на колавым і гусенічным хаду. Падзяляюцца на 2 асн. групы: пагрузчыкі (у т.л. аўтапагрузчыкі) і разгрузчыкі (пераважна для сыпкіх матэрыялаў).

Для пагрузкі і разгрузкі сыпкіх і дробнакавалкавых матэрыялаў выкарыстоўваюць універсальныя адна- і многакаўшовыя пагрузчыкі, разгрузачна-штабелявальныя машыны; для разгрузкі пылаватых матэрыялаў (цэмент, мука) — пнеўмаразгрузчыкі, сыпкіх і дробнакавалкавых матэрыялаў з чыг. рухомага саставу — скрабалкавыя і элеватарныя разгрузчыкі, цэменту з крытых вагонаў — вакуумныя разгрузчыкі. Як П.-р.м. выкарыстоўваюцца канвееры, скрэперы, экскаватары, розных тыпаў краны.

І.І.Леановіч.

т. 11, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)